| Антон Францішак Брыль ( @ 2009-04-27 19:43:00 |
| Entry tags: | бэўвульф |
Бэўвульф і сьмерць аўтара
Выкладчыкам літаратуры на заметку :)
На прыкладзе "Бэўвульфа" можна выдатна расказваць пра сьмерць аўтара. Справа ня ў тым толькі, што аўтар гэтай паэмы такі памёр, ды яшчэ сама меней каля тысячы год таму. Справа ў тым, што надзвычай няясна калі менавіта ён памёр і, так бы мовіць, чым жыў да гэтага. А значыцца - у якой ступені спадчыну старагерманскай традыцыі ён бачыць праз прызму хрысьціянскага пераасэнсаваньня, якое прывяло да значных (і фіксуемых па крыніцах) зрухаў у каннатацыях асобных слоў і паняткаў. Што ў выніку? У выніку мы, ні многа ні мала, ня можам упэўнена сказаць, як аўтар ацэньвае ўчынкі свайго пратаганіста і што ён хацеў сказаць апошнімі словамі паэмы - урачыста ўхваліць геацкага героя за годнае воіна жыцьцё ці сурова асудзіць за празьмернае славалюбства.