| Канонікі ў Быстрыцы |
[May. 20th, 2009|01:24 pm] |
Наколькі я назіраю па беларускамоўным інтэрнэце, калі размова заходзіць пра Быстрыцу, - тую, што над Вяльлей, пры самай літоўскай мяжы, - то гавораць, што Ягайла заснаваў там у 1390 г. аўгустынскі кляштар. Гэта і сапраўды так, але дзіўна, што за гэтым ніколі ня йдзе ўдакладненьне (я, прынамсі, ня бачыў). Аўгустынцы між тым - гэта не адзін закон, а некалькі, нават досыць шмат. Аб'ядноўвае іх, як і ў выпадку разнастайных бенедыктынцаў, выкарыстаньне агульнага манаскага правіла.
Дык вось, у Быстрыцы напрыканцы 14 ст. замацаваліся Канонікі Рэгулярныя ад Пакуты сьв. Мучанікаў, Canonici regulares de poenitentia beatorum martyrum, якія ў Польшчы завуцца шчэ "Маркі", "Markowie" - па імені найбуйнейшага зь іхных польскіх кляштароў. Яны ж, здаецца, у пазьнейшы час мелі кляштары шчэ ў Міхалішках ды Мёрах.
Ордэн у пэўнай ступені загадкавы - ніхто дакладна ня ведае, скуль ён узяўся. Першы дакумент, які згадвае Братоў ад Пакуты, дадзены ў 1256 ад папы Аляксандра III і гаворыць пра ўжо існуючую арганізацыю. Такі вось ордэн - існаваў, і ўсё тут. |
|
|