| Крышку жоўчы |
[Sep. 2nd, 2009|04:26 pm] |
Крыптагістарыкуючы у 2006 над Літоўскаю Хронікаю, А.Латышонак, у прыватнасці, піша:
Ініцыятарскай роляй Альбрыхта Гаштаўта можна растлумачыць шмат якія сюжэты легенды... Сама маляўнічы з падобных сюжэтаў — гісторыя з Тройдзенем, які нібыта быў заснавальнікам Райгораду і вельмі жорсткім ды ваяўнічым ўладаром гэтага «панства». Сапраўднае «райгорадзкае панства» пасьля бунту Глінскага дасталося Мікалаю Радзівілу. Такім чынам Радзівіл, тады галоўны вораг Альбрыхта Гаштаўта, стаў ягоным суседам на Падляшшы. У 1519 г. адзін з радзівілаўскіх старастаў напаў і спаліў замак у Тыкоціне, зь якога Гаштаўт ледзьве ўцёк жывым. Таму пра Тройдзеня пішацца ў легендзе, што «горшы быў тым землям, ніжлі Антыёх Сырыйскі, і Ірад Ерусалімскі, і Нэрон Рымскі».
Вашую ж налева.
У легендзе сказана:
И будучы ему там на кнежени, великие вальки чынил з ляхи и з русю, и з мазовшаны, и завжды зыскивал, и над землями их силные окрутенства чынил, што нижеи описуеть y рускои кроиницэ, иж горъшыи был тым землям и окрутнеишыи на них, нижли Антиох сирскии и Ирод иерусалимскии, и Нерон рымскии, што так был окрутныи и валечныи.
Трэба неяк пазамежна не цікавіцца рускімі летапісамі, каб не пазнаць досыць дакладную адсылку на галіцка-валынскі:
Нача княжити в Литве оканьный, и безаконьный, прокляты, немилостивый Тройдей, егоже безаконья не могохомъ писати срама ради. Такъ бо бяшеть безаконьник, яко и Антиохъ Сурьскый, Иродъ Ерусалимъскый и Неронъ Римъскый. И ина многа злейша того безаконья чиняше.
У якія вякі аўтар Хронікі падаў для разнастайнасці аўтэнтычныя звесткі - а менавіта тут у яго і шукаюць падвоху і разводзяць Ківач Фуко.
(Заўважым у дадатак, што і сама думка пра падкрэсленую негатыўнасць гэтага пасажу пра Трайдзена ў вачах аўтара і першапачатковых чытачоў можа быць прадуктам мадэрнізуючага погляду на тэкст. Прынамсі словы "и завжды зыскивал" - г.зн. "і заўжды перамагаў" - у такую канцэпцыю кладуцца блага; а лаянка з боку ворагаў - параўнанні ў яўным выглядзе пададзены як цытата з ваенных праціўнікаў - джэнтэльмену не шкодзіць).
З часу публікацыі прайшло ўжо тры гады і, думаю, гэта і без мяне ўжо не раз сказалі; але я проста афігеў. |
|
|
| Цітоў і Мядзьведзь |
[Jun. 19th, 2008|12:40 pm] |
Натрапіў тут выпадкам на адносна нядаўняе інтэрв'ю Анатоля Цітова, аўтара "Геральдыкі Беларусі", Свабодзе. I вось чытаю:
Адпаведна зь летапіснымі дадзенымі, першымі гербамі, зафіксаванымі на беларускіх землях, былі “Ружа”, “Калюмны”, “Пагоня” і “Кентаўр”. І яшчэ такі герб, як “Мядзьведзь”. Праўда, наконт апошняга ёсьць сумненьні. Магчыма, літоўскія ідэолягі пазьней прыпісалі яго да беларускіх летапісаў. Але гербам Жмудзі (сучаснай Літвы) быў “Мядзьведзь”. А калі Жмудзь трапіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, на шыю гэтага “Мядзьведзя” згодна з паданьнямі быў надзеты ашыйнік”.
Ну халера ўжо зь ім, з атаясьненьнем сучаснай Літвы і Жмудзі. Спрачацца з гэтым у гэтым постынгу ня буду, бо постынг не пра тое. І нават не пра Пагоню.
Астатнія чатыры гербы бяруцца, наколькі я разумею, з каля-Палямонаўскіх тэкстаў - гербы чатырох галоўных родаў рымскае шляхты. У хроніцы Быхаўца яны зручна сабраныя ў радочак, а сустракаюцца шмат яшчэ дзе, хаця й з варыяцыямі напісаньня, даволі моцнымі - але я знову не пра тое. І нават не пра тое, наколькі гэта ўсё (не)сур'ёзныя крыніцы па даўніх часох. Дык вось, у хроніцы Быхаўца:
z herbu Kitowrasowa Dowsprunkow, herbu z Kolumnow Preszpor Cezarinus, a z herbu Urseynow Julianus, a z herbu Roży Toroho.
Kitowras - ясна, Гіпацэнтаўр (Кентаўр), герб Гальшанскіх, што зараз у гербах Гальшанаў ды Старых Дарогаў. Kolumny - яны, родныя, і ёсьць. Roży - трэба думаць, Порай (Poraj, Rosa, Róża, etc).
А далей застаецца Urseyn (хр. Быхаўца) aka Урсин (Румянцаўскі летапіса) aka... як яго толькі ня перапісвалі, той жа Румянцаўскі падае ў іншым месцы Русин.
Дык вось, самая простая думка - што размова пра герб Урсын, ён жа Равіч, ён жа, напраўду, і Мядзьведа.
І вось тут, нарэшце, пытаньне. Якое дачыненьне герб Мядзьведа-Равіч-Урсын (а ў тэкстах менавіта вытворныя ад назвы "Урсын", а не проста "мядзьведзь", тобок калі мядзьведзь - то, пэўна, гэты)... дык вось, якое дачыненьне мае гэты лятарынскі герб да мядзьведзя з жамойцкага гербу?! Нават на адмене бяз вершніцы, якую носіць Равіч велькапольскі - ну непадобны ж зусім...
Карацей, калі я слушна зразумеў, пра што размова - адкуль Цітоў прыдбаў меркаваньне, што Урсін летапісаў тоесны жамойцкаму мядзьведзю (і, калі так, на якіх дадатковых крыніцах яно грунтуецца)? |
|
|
| navigation |
| [ |
viewing |
| |
most recent entries |
] |
| |
|
|